У Вялікай Бераставіцы, што знаходзіцца ў Гарадзенскай вобласці ў непасрэднай блізкасці мяжы з Польшчай, ёсць унікальны музей, адзіны ў Еўропе музей вавёркі. Па ім водзяць экскурсіі, сюды прыязджаюць турысты з Францыі, Расеі, Аўстрыі, Польшчы, Італіі, Украіны, розных куткоў Беларусі. Экскурсіі музеем водзіць у тым ліку вядомы бераставіцкі краязнаўца Мікола Пацэнка. Ён асабіста быў знаёмы з Рыгорам Барадуліным, Васілём Быкавым і шэрагам іншых вялікіх беларусаў. Краязнаўца паведаміў, што дакладна не вядома, ці быў у Бераставіцы Уладзімір Караткевіч. Але, прынамсі, гісторыю мястэчка аршанец ведаў, бо цудоўна разбіраўся ў беларускай гісторыі. Здымак Караткевіча прысутнічае ў музеі. Натуральна, пісьменнік там у кампаніі вавёркі — не забывайце пра тэматыку музею і любоў Караткевіча да прыроды.


