5 траўня 2020 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпусціла ў абарачэнне дзве паштовыя маркі "Еўропа — старажытныя паштовыя маршруты". Маркі надрукаваныя з лагатыпам "EUROPA" у Бабруйскай узбуйненай друкарні А.Т.Непагодзіна. На адной з марак выяўлены маршрут Вільня — Маладзечна — Менск — Барысаў — Друцк — Орша — Смаленск. Маршрут быў зацверджаны для ганцоў і паслоў у 1528 годзе вялікім князем літоўскім Жыгімонтам І Старым. Марка мае нумар 1344. На марцы 1345 паказаны маршрут Кракаў — Варшава — Горадня — Вільня, які ў 1583 годзе быў зацверджаны Стэфанам Баторыем, вялікім князем літоўскім. Дызайн — Таццяна Кузняцова.

