На пляцоўцы «Вулей» запусціўся праект, арганізаваны для суседняга з Аршанскім раёна — Лёзненскага. Ён мае назву «Аўталаўка #STAYHOME»: да 29 траўня любы жадаючы можа падтрымаць адзінокіх пенсіянераў і купіць для іх набор прадуктаў на тыдзень. Прадуктовыя наборы бясплатна даставяць прама да дзвярэй дамоў і кватэр пажылых людзей. Гэта дазволіць адзінокім бабулям і дзядулям застацца ў ізаляцыі і не падвяргаць сваё здароўе рызыцы. Прадуктовы набор складзены прафесійным дыетолагам, у яго ўваходзяць: мясныя кансервы, макароны, цукар, грэчка, хлеб, малако, бульба і капуста, сардзіны, яблыкі, гарбата і печыва, а таксама ахоўная маска. Набор прадуктаў на тыдзень каштуе 28 рублёў, але кожны ўдзельнік можа выбраць любую камфортную суму, каб падтрымаць праект. Чым больш сродкаў будзе сабрана, тым больш прадуктовых набораў для пенсіянераў будзе закуплена і дастаўлена.
