У матчы чэмпіянату Беларусі ў вышэйшай лізе аршанскі "Вітэн" сустрэўся ў спарткомплексе "Алімпіец" з "Барысавам-900". Гульня з серадняком не стала лёгкім шпацырам для чырвона-чорных, давялося прыкласці шмат намаганняў, каб здабыць тры пункты. Адкрылі лік аршанцы, на 12-й хвіліне Іваноў з перадачы Дзядзічкіна прабіў брамніка барысаўчан і капітана прыезджай дружыны Пракапца. Астатнія галы прыйшліся на другую палову сустрэчы. На 22-й хвіліне Дзедавец зраўняў лік. А на 31-й "Барысаў-900" павёў пасля трапнага стрэлу Сергіені. Прычым калі пры першым барысаўскім голе Сергіеня асіставаў Дзедаўцу, то пры другім наадварот. Удача ўсміхнулася аршанцам даволі хутка, бо ўжо праз некалькі секунд пасля таго, як госці павялі ў ліку, энергетыкам удалося зраўняць яго, неадбітым аказаўся ўдар Гусакова з перадачы Клачко. За пяць хвілін да фінальнага свістку Дзядзічкін з перадачы Пятрова прынёс аршанцам вікторыю 3:2.
