З'явіліся падрабязнасці аварыі ў Аршанскім раёне, пра якую наш сайт напісаў раніцай. Яна адбылася ў апошні дзень кастрычніка а 22:15. Каля вёскі Каробішчы сутыкнуліся грузавік і мікрааўтобус. Сутыкненне было такой сілы, што мікрааўтобус істотна дэфармаваўся, і ў ім апынуўся заблакаваным кіроўца. Яго давялося даставаць з салона ўжо ратавальнікам. З дапамогай гідраўлічнага аварыйна-ратавальнага інструмента мужчыну дасталі, ён быў без прытомнасці. У аварыі кіроўца мікрааўтобуса атрымаў шэраг траўмаў і цяпер дастаўлены ў бальніцу. Кіроўца грузавога аўтамабіля не пацярпеў, піша раённае МНС. ДАІ Аршанскага раёну праводзіць расследванне аварыі.
