Гэта месца пазбаўлена помнікаў гістарычнай спадчыны са шматвекавой гісторыяй. Тут не стаяць знакі адрознення ЮНЕСКА. Але ў гэтым раёне Оршы адбывалася шмат важных падзей. Многім гасцям нашага горада вядомая крывавая частка гісторыі Гразілаўкі. Тут, на прылеглай да раёну Кабыляцкай гары, якую ўскосна можна лічыць Гразілаўкай, былі расстраляны тысячы людзей, у памяць ахвяр чырвоных бальшавіцкіх катаў у лесе стаіць помнік. Руплівая праца даследчыкаў і журналістаў спрычынілася да таго, што пра Кабылякі даведалася ўся краіна і многія беларусы называюць гэта месца расстрэлаў адразу ўслед за Курапатамі пад Менскам. Таксама не абмінулі гэты раён і карычневыя нацысцкія каты, нямала людзей загінула і ад іх рук. Акрамя месцаў памяці, у раёне ёсць цікавы мост, створаны па ініцыятыве і дзякуючы працы саміх людзей, многія адметныя жылыя пабудовы, лес, у якім дагэтуль ладзяцца турзлёты і ў якім адпачываюць людзі. Ёсць тут і аўтадром, на якім вучацца вадзіць аўтамабіль многія аршанцы. Ёсць у Гразілаўцы і пабудова культу — зала Царства сведкаў Еговы. Акрамя таго, менавіта тут знаходзіцца турбаза адпачынку "Орша" з саўнай, начным клубам, рэстаранам. Адным словам — глядзіце нашыя фотаздымкі!

