На сёняшні дзень, пабачыць зімой лебядзя ў горадзе - не рэдкая з'ява. Птушка не асабліва баіцца халадоў. Адзінае, што прымушае лебядзей злятаць на поўдзень - сезоннае змяньшэнне колькасці ежы. Але птушкі прыцягваюць столькі ўвагі гараджанаў, што без ежы такі прыгажун як лебядзь не застанецца. Таму і застаюцца кожны год у цэнтры Оршы на рэках зімаваць і качкі і лебядзі. У гэтым годзе першы белы вялікан застаўся на Аршыцы і днём плавае паміж бальніцай імя Сямашка і былым Базылянскім манастыром. Пры гэтым, птушка вельмі ручная - не баіцца людзей, блізка да іх падплывае, можа ўзяць ежу, проста, з рукі.

