На пачатку лістапада мы паведамлялі пра пачатак рамонтных работаў на аўтастанцыі горада Дуброўна, што знаходзіцца непадалёк ад Оршы. Налета ў Дуброўне пройдуць абласныя "Дажынкі", падрыхтоўка да іх распачата загадзя. Аўтастанцыя даўно выклікала нараканні з боку жыхароў і гасцей горада, таму яе вырашылі рэканструяваць неадкладна. Цяпер на аўтастанцыі ўкладваюць плітку на платформах, абшываюць павець над платформамі, ідзе праца і над вокнамі, над унутраным аздабленнем аўтастанцыі. На аўтастанцыі будуць зробленыя якасныя і сучасныя "злівы" для вады. Знешні выгляд і зручнасць дубровенскай аўтастанцыі істотна палепшацца. Карэспандэнт orsha.eu адправіўся ў камандыроўку ў Дуброўну і зрабіў некалькі фотаздымкаў з месца.









