Раней наш сайт пісаў пра тое што жыхары вёскі Стаўры плануюць накіраваць калектыўную заяву ў райвыканкам у сувязі з засмечваннем леса каля гэтай вёскі. Ужо вечарам 30 верасня (артыкул выйшаў 30 верасня раніцай) каля леса быў заўважаны адзін з вышэйшых чыноўнікаў раёна, які аглядаў лес і па тэлефоне даваў камусці інструкцыі. А раніцай прадстаўнікі лясгасу сустрэліся са старэйшынам вёскі Ігарам Грышанавым. Размова атрымалася канструктыўная - Стаўроўцы паабяццалі не падаваць абяццаную заяву, а лясгасаўцы са свайго боку паабяццалі выправіць сітуацыю. І сапраўды, ужо на наступны дзень пасля сустрэчы, на адным з заездаў у лес быў усталяваны якасны шлагбаўм, з'явіліся слупкі для перашкоды руху транспарту і вялікі плакат, які заклікае берагчы лес. Накіданае раней смецце паабяццана прыбраць, а вясной леснікі разам з жыхарамі вёскі дамовіліся высадзіць на вырубках новыя дрэвы.

