У матчы 7-га туру чэмпіянату Беларусі па футболе ў Першай лізе аршанцы сустракаліся з "Гомелем", які пакуль далёкі ад першых месцаў, але менавіта ён з'яўляецца асноўным прэтэндэнтам на павышэнне. Сваім класам гульні "зялёна-белыя" прадэманстравалі гэта ў Оршы. Ужо за першыя 19 хвілін у вароты Іллі Маталыгі, які зноў не аднойчы ратаваў "сіне-белых" у небяспечных сітуацыях, уляцелі два мячы, яны сталі вынікам недастатковай канцэнтрацыі і памылак пры абароне сваёй брамы з боку абаронцаў. У далейшым "Орша" мела нямала момантаў, самы небяспечны з якіх здарыўся незадоўга да канца першага тайма. Мікіта Шугункоў зарабіў пенальці, але рэалізаваць яго не здолеў. Больш за тое — пасля выратавання гомельскага брамніка Мікіта першым паспеў на дабіванне мяча, аднак прамахнуўся па пустых варотах. На жаль, і наступныя моманты не прынеслі радасці забітага гала. Каманда Аляксандра Вопсева саступіла саперніку 0:2. "Орша" ніколі не перамагала "Гомель" у афіцыйных матчах.
