Футбольны клуб "Орша" 18 красавіка павінен правесці першы афіцыйны матч у новым сезоне. На сваім полі сіня-белыя сустрэнуцца з "Лідай". Цяжкая сітуацыя з каранавірусам, больш за 2000 хворых у Беларусі не сталі для Беларускай федэрацыі футболу падставай адкласці чэмпіянат. Матчы працягваюцца, але на трыбунах вельмі мала людзей. Ёсць афіцыйна зарэгістраваныя выпадкі захворвання і ў Оршы, але на наступную суботу прызначаны старт чэмпіянату. Фанаты "Оршы" звярнуліся да землякоў і паведамілі, што вымушаныя прыпыніць актыўную падтрымку клуба да нармалізацыі санітарнага стану. Сваю заяву фанаты апублікавалі ў тэлеграм-канале "Аршыца ультрас", дзе патлумачылі прычыны рашэння. Яны рэкамендуюць аршанцам устрымацца ад наведвання футболу вялікімі групамі, а на актыўным сектары падтрымкі не будзе ніякіх банэраў.
